КАТАЛО́НСКАЯ ШКО́ЛА жывапісу,
самабытная галіна ісп. маст. культуры ў 14—15 ст. Сфарміравалася на маст. традыцыях у Каталоніі. Вытокі К. ш. ў грубаватых, але поўных жыццёвай выразнасці царк. размалёўках 11—13 ст. раманскага стылю ў спалучэнні з уплывам жывапісу Сіены і Фларэнцыі (размалёўкі Ферэр Басы ў капэле Сан-Мігель манастыра Педральбес у Барселоне, 1346). Майстры К.ш. стваралі заалтарныя абразы (рэтабла), у якіх элементы, што папярэднічалі мастацтву Адраджэння, спалучаліся з устойлівымі прынцыпамі позняй готыкі. Яны адмаўлялі алейны жывапіс, фігуры ў карцінах пісалі тэмперай, узорыстыя залачоныя фоны, німбы, часткі адзення святых і іх атрыбуты выраблялі са стука. Плоскі рэльеф служыў натуральным пераходам ад плоскасных выяў да арнаментальнай пластыкі і скульптур на рэтабла, садзейнічаў арганічнаму сінтэзу жывапісу ў цэласную арх.-дэкар. кампазіцыю. Творам уласцівы вял. ўвага да апрацоўкі жывапіснай паверхні, імкненне да стварэння індывідуальна-партрэтных вобразаў і дакладнага адлюстравання асяроддзя, яркай і жыццярадаснай апавядальнасці. Для К.ш. 14 — пач. 15 ст. характэрны ўплывы італьян. мастацтва: спроба перадачы трохмернасці твараў і фігур, элементаў глыбіннай перспектывы пры захаванні агульнай плоскаснасці пабудовы кампазіцыі (Л.Бараса, Б.Мартарэль, браты Сера і інш.). У сярэдзіне 15 ст. ўзмацніліся нідэрл. ўплывы, што выявілася ў імкненні да большай пачуццёвасці і напружанасці вобразаў, амаль партрэтнай выразнасці характарыстык святых (Х.Уге і інш.). Пасля аб’яднання Іспаніі (1479) К. ш. заняпала.
т. 8, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)